Беларуская Біблія
|
| 1 |
| На другі год цараваньня Навухаданосара сьніліся Навухаданосару сны, і ўстрывожыўся дух ягоны і сон адышоў ад яго. |
| 2 |
| І загадаў цар паклікаць мудрацоў і варажбітоў, і чарадзеяў і Халдэяў, каб яны разгадалі цару ягоныя сьненьні. Яны прыйшлі і сталі перад царом. |
| 3 |
| І сказаў ім цар: "сьніўся мне сон, і трывожыцца дух мой; хачу ведаць гэты сон". |
| 4 |
| І сказалі Халдэі цару па-арамэйску: "цару! вавекі жыві! раскажы сон рабам тваім, і мы разгадаем сутнасьць яго". |
| 5 |
| Адказваў цар і сказаў Халдэям: "маё слова канчатковае; калі вы не раскажаце мне сну і сутнасьці яго, будзеце на кавалкі пасечаны, і дамы вашыя абернуцца ў руіны; |
| 6 |
| а як разгадаеце сон і сутнасьць яго, атрымаеце ад мяне дарункі, узнагароду і вялікую чту; дык вось, раскажэце мне сон і сутнасьць яго". |
| 7 |
| Яны другі раз адказвалі і сказалі: "хай цар раскажа сваім рабам сон, і мы разгадаем яго сутнасьць". |
| 8 |
| Адказваў цар і сказаў: "добра ведаю, што вы хочаце выйграць час, бо бачыце, што слова маё канчатковае. |
| 9 |
| Як што вы не разгадаеце мне сну, дык у вас адзін намысел: вы змовіліся сказаць мне ілжу і няпраўду, пакуль зьменіцца час; дык вось раскажэце мне сон і тады я ўпэўнюся, што вы можаце разгадаць мне і сутнасьць яго". |
| 10 |
| Халдэі адказвалі цару і сказалі: "няма на зямлі чалавека, які мог бы адкрыць цару гэтую справу, і ніводзін цар, вялікі і магутны, не патрабаваў такога ад ніводнага чарадзея, вяшчуна і Халдэя. |
| 11 |
| Чын, якога цар патрабуе, такі цяжкі, што ніхто іншы ня можа адкрыць яго цару, акрамя багоў, якія ня жывуць з плоцьцю". |
| 12 |
| Разгневаўся цар і моцна раз'юшыўся за гэта і загадаў перабіць усіх Вавілонскіх мудрацоў. |
| 13 |
| Калі выйшаў гэты загад забіваць мудрацоў, шукалі Данііла і яго сяброў, каб забіць іх. |
| 14 |
| Тады Данііл зьвярнуўся разважна і мудра да Арыоха, начальніка царскіх целаахоўцаў, які выйшаў забіваць Вавілонскіх мудрацоў, |
| 15 |
| і спытаўся ў Арыоха, уладнага пры цары: "чаму такі жорсткі загад ад цара?" Тады Арыох расказаў Даніілу ўсю справу. |
| 16 |
| І Данііл увайшоў і ўпрасіў цара даць яму часу, і ён аб'явіць цару разгадку сну. |
| 17 |
| Данііл прыйшоў у свой дом і расказаў справу Ананію, Місаілу і Азарыю — сябрам сваім, |
| 18 |
| каб яны прасілі міласьці ў Бога Нябеснага на гэтую таямніцу, каб Данііл і сябры яго не загінулі з астатнімі Вавілонскімі мудрацамі. |
| 19 |
| Тады адкрыта была Даніілу таямніца начное ўявы, і Данііл уславіў Нябеснага Бога. |
| 20 |
| І сказаў Данііл: "хай будзе дабраславёна імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла; |
| 21 |
| Ён мяняе часіны і поры, скідае цароў і ставіць цароў, дае мудрасьць мудрым і спазнаньне разумным; |
| 22 |
| Ён адкрывае глыбокае і схаванае, ведае, што ў мораку, і сьвятло жыве зь Ім. |
| 23 |
| Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты даў мне мудрасьць і сілу і адкрыў мне і тое, пра што мы малілі Цябе; бо Ты адкрыў нам царовую справу". |
| 24 |
| Пасьля гэтага Данііл прайшоў да Арыоха, якому цар загадаў перабіць Вавілонскіх мудрацоў, прыйшоў і сказаў Яму: "не забівай мудрацоў Вавілонскіх; увядзі мяне да цара, і я адкрыю разгадку сну ". |
| 25 |
| Тады Арыох без адкладу прывёў Данііла да цара і сказаў яму: "я знайшоў сярод палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа адкрыць цару разгадку сну ". |
| 26 |
| Цар сказаў Даніілу, які названы быў Валтасарам: "ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў, і разгадку яго?" |
| 27 |
| Данііл адказваў цару і сказаў: "таямніцы, пра якую пытаецца цар, ня могуць адкрыць цару ні мудрацы, ні заклінальнікі, ні чарадзеі, ні вяшчуны. |
| 28 |
| Але ёсьць на нябёсах Бог, Які адкрывае таямніцы; і Ён паведаміў цару Навухаданосару, што будзе ў апошнія дні. Сон твой і ўявы тваёй галавы на ложку былі такія: |
| 29 |
| ты, цару, на тваім ложку думаў пра тое, што будзе потым, і Адкрывальнік таямніц паказаў табе тое, што будзе. |
| 30 |
| А мне таямніца гэтая адкрыта ня дзеля таго, каб я быў мудрэйшы за ўсіх жывых, а дзеля таго, каб адкрыць цару разгадку, і каб ты пазнаў намыслы свайго сэрца. |
| 31 |
| Табе, цару, была такая ўява: вось, нейкі вялікі ідал; вялізарны быў гэты ідал, у нязвычайным бляску стаяў ён перад табою, і страшны быў выгляд у яго. |
| 32 |
| У гэтага ідала галава была з чыстага золата, грудзі ў яго і ў рукі яго — з срэбра, чэрава ў яго і клубы ў яго — медныя, |
| 33 |
| галені яго жалезныя, часткова гліняныя. |
| 34 |
| Ты бачыў яго, пакуль не адарваўся камень ад гары, сам бяз рук, ударыў ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго, і раструшчыў іх. |
| 35 |
| Тады ўсё разам раструшчылася: жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата зрабіліся як пыл на летніх гумнах, і вецер разьвеяў іх, што і сьледу не засталося ад іх; а камень, які разьбіў ідала, зрабіўся вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю. |
| 36 |
| Вось той сон! Скажам перад царом і разгадку яго. |
| 37 |
| Ты, цару, цар над царамі, якому Бог Нябесны даў царства, уладу і славу, |
| 38 |
| і ўсіх сыноў чалавечых, дзе б яны ні жылі, зьвярыну зямную і птушак нябесных Ён аддаў у твае рукі і паставіў цябе ўладаром над усімі імі; ты — гэтая залатая галава! |
| 39 |
| Пасьля цябе паўстане другое царства, ніжэйшае за тваё, і яшчэ трэцяе царства, меднае, якое будзе панаваць над усёю зямлёю. |
| 40 |
| А чацьвёртае царства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза разьбівае і трушчыць усё, так і яно падобна да жалеза, якое ўсё зьнішчае, будзе трушчыць і нішчыць. |
| 41 |
| А што ты бачыў ногі і пальцы на нагах часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, то будзе падзеленае царства, і ў ім застанецца крыху жалезнае моцы, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю. |
| 42 |
| І як пальцы ног былі часткова з жалеза, а часткова з гліны, так і царства будзе часткова моцнае, часткова крохкае. |
| 43 |
| А што ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю, гэта азначае, што яны зьмяшаюцца празь семя чалавечае, але ня зьліпнуцца адно з адным, як жалеза ня зьмешваецца з глінаю. |
| 44 |
| І ў дні тых царстваў Бог Нябесны паставіць царства, якое вавек ня зруйнуецца, і царства гэтае ня будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна, |
| 45 |
| бо ты бачыў, што камень адарваўся ад гары сам, ня рукамі, і струшчыў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Вялікі Бог даў знак цару, што станецца пасьля гэтага. І гэты сон пэўны, і разгадка яго правільная!" |
| 46 |
| Тады цар Навухаданосар упаў на аблічча сваё і пакланіўся Даніілу і загадаў прынесьці яму дарункі і ўсякія пахошчы; |
| 47 |
| і сказаў цар Даніілу: "сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над царамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу!" |
| 48 |
| Тады ўзвысіў цар Данііла і даў яму многа вялікіх дарункаў і паставіў яго над усім Вавілонскім краем і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Вавілонскімі. |
| 49 |
| Але Данііл прасіў у цара, і ён паставіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага над справамі Вавілонскага краю, а Данііл застаўся пры царскім двары. |
|
| Захаваць Нататкі |
https://beblia.bible:81/BibleAudio/belarusian/daniel/002.mp3
12
2