Беларуская Біблія
|
| 1 |
| І наказаў Гасподзь Майсею: |
| 2 |
| абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі мужчына альбо жанчына рашыцца даць заруку назарэйства, каб прысьвяціць сябе ў назарэі Госпаду, |
| 3 |
| дык ён павінен устрымацца ад віна і моцнага напою, і не павінен спажываць ні воцату зь віна, ні воцату з напою, і нічога згатаванага зь вінаграду не павінен піць, і не павінен есьці ні сырых, ні сушаных вінаградных ягад; |
| 4 |
| праз усе дні назарэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца зь вінаграду, ад зерня да скуркі. |
| 5 |
| Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй. |
| 6 |
| Праз усе дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, не павінен ён падыходзіць да мёртвага цела: |
| 7 |
| дакрананьнем да бацькі свайго і да маці сваёй, і брата свайго і сястры сваёй, не павінен ён апаганьвацца, калі яны памруць, бо прысьвячэньне Богу яго на галаве ягонай; |
| 8 |
| праз усе дні назарэйства свайго сьвяты ён Госпаду. |
| 9 |
| А калі памрэ пры ім хто-небудзь раптам, знянацку, і ён апаганіць тым самым галаву назарэйства свайго, дык ён павінен астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня яго, на сёмы дзень павінен астрыгчы яе, |
| 10 |
| і на восьмы дзень павінен прынесьці дзьве галубкі, альбо двух маладых галубоў, сьвятару, да ўваходу ў скінію сходу; |
| 11 |
| сьвятар адну птушку прынясе ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго ад апаганеньня мёртвым целам, і асьвеціць галаву ў той дзень; |
| 12 |
| і павінен ён зноў пачаць прысьвечаныя Госпаду дні назарэйства свайго і прынесьці ягня-адналетка ў ахвяру павіннасьці; а ранейшыя дні прапалі, бо назарэйства ягонае апаганена. |
| 13 |
| І вось закон пра назарэя, калі скончацца дні назарэйства ягонага: трэба прывесьці яго да ўваходу ў скінію сходу, |
| 14 |
| і ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно адналетняе ягня без пахібы на цэласпаленьне, і адну адналетнюю авечку без пахібы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без пахібы ў ахвяру мірную, |
| 15 |
| і кош праснакоў з пшанічнай мукі, хлябоў, сьпечаных з алеем, і прэсных ляпёшак, памазаных алеем, і пры іх хлебнае прынашэньне і паліваньне; |
| 16 |
| і паставіць гэта сьвятар перад Госпадам і прынясе ахвяру ягоную за грэх і цэласпаленьне ягонае; |
| 17 |
| барана прынясе ў ахвяру мірную Госпаду з кашом праснакоў, таксама ўчыніць сьвятар хлебнае прынашэньне ягонае і паліваньне ягонае; |
| 18 |
| і астрыжэ назарэй каля ўваходу ў скінію сходу галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і пакладзе на агонь, які пад мірнаю ахвяраю; |
| 19 |
| і возьме сьвятар згатаваную лапатку барана і адзін прэсны пірог і адну прэсную ляпёшку, і пакладзе на рукі назарэю пасьля таго, як астрыжэ ён галаву назарэйства свайго; |
| 20 |
| і паднясе ўсё гэта сьвятар, патрасаючы перад Госпадам: гэта — сьвятыня сьвятару, звыш грудзей патрасаньня і звыш лапаткі паднашэньня. Пасьля гэтага назарэй можа піць віно. |
| 21 |
| Вось закон пра назарэя, які даў заруку, і ахвяра ягоная Госпаду за назарэйства сваё, апроч таго, што дазволіць яму дастатак ягоны; паводле зарукі сваёй, якую ён дасьць, так і павінен ён рабіць, звыш узаконенага пра назарэйства ягонае. |
| 22 |
| І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: |
| 23 |
| скажы Аарону і сынам ягоным: так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім: |
| 24 |
| хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе! |
| 25 |
| хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе! |
| 26 |
| хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой! |
| 27 |
| Так няхай заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраілевых, і Я дабраслаўлю іх. |
|
| Захаваць Нататкі |
https://beblia.bible:81/BibleAudio/belarusian/numbers/006.mp3
36
6