Біблія - Пераклад Чарняўскага
|
| 1 |
| Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлехэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось, прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім, |
| 2 |
| кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму». |
| 3 |
| І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім. |
| 4 |
| Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе належыць Хрысту нарадзіцца. |
| 5 |
| А яны яму сказалі: «У Бэтлехэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: |
| 6 |
| “І ты, Бэтлехэм, зямля Юдава, ніякім чынам не меншая між княствамі Юдавымі, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем”». |
| 7 |
| Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час з’яўлення зоркі |
| 8 |
| ды, адпраўляючы іх у Бэтлехэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму». |
| 9 |
| Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, ішла наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця. |
| 10 |
| Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікаю. |
| 11 |
| І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра. |
| 12 |
| І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край. |
| 13 |
| Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад мае намер шукаць Дзіця, каб забіць Яго». |
| 14 |
| Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і адышоў у Егіпет. |
| 15 |
| І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго». |
| 16 |
| Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлехэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў. |
| 17 |
| Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў: |
| 18 |
| «Чуецца голас у Раме, лямант, плач і галашэнне вялікае: Ракель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма». |
| 19 |
| Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце, |
| 20 |
| мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці». |
| 21 |
| Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля. |
| 22 |
| Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі. |
| 23 |
| А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: «Назарэем будзе звацца». |
|
| Захаваць Нататкі |
https://beblia.bible:81/BibleAudio/belarusian2017/matthew/002.mp3
28
2