хай на вачах тваіх будзе тое поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось, я загадаў слугам сваім не чапаць цябе; калі захочаш піць, ідзі да посуду і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.
Ваоз адказваў і сказаў ёй: мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народу, якога ты ня ведала ўчора і заўчора;
хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!
Яна сказала: хай буду я ў міласьці перад вачамі тваімі, гаспадару мой! ты суцешыў мяне і гаварыў па сэрцы рабыні тваёй, тым часам як я ня вартая ніводнае з рабыняў тваіх.
І сказаў ёй Ваоз: час полудня, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кавалак твой у воцат. І села яна каля жнеяў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.
І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сёньня і дзе працавала? хай будзе дабраславёны той, хто прыняў цябе! Рут абвясьціла сьвякрові сваёй, у каго яна працавала, і сказала: чалавеку таму, у якога я сёньня працавала, імя Ваоз.
І сказала Наэмінь нявестцы сваёй: дабраславёны ён у Госпада за тое, што не пазбавіў міласьці сваёй ні жывых, ні мёртвых! І сказала ёй Наэмінь: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых родзічаў.